У Глыбокім „Экадом” праз суд дамагаецца правядзення грамадскіх слуханняў



Рашэнне па зыску грамадскай арганізацыі „Экадом” да Пастаўскага райвыканкама будзе вынесенае 27 лістапада ў 10 гадзін, – аб’явіў суддзя Глыбоцкага раёна Андрэй Тарасевіч. Разглядаецца справа аб парушэнні правоў грамадзянаў на магчымасць правядзення грамадскіх слуханняў. Яны патрабуюць улічыць іх меркаванне перад пабудовай праваслаўнага храма ў гонар Абраза Маці Божай на тэрыторыі Пастаўскага раёна.

sud_carkva_1

Зала суда Глыбоцкага раёна.

25 лістапада на судзе былі заслуханыя сведкі, прадстаўнікі Пастаўскага райвыканкама і грамадскай арганізацыі “Экадом”, а таксама ініцыятар пабудовы царквы – прадпрымальнік Мікалай Рамановіч. Ён лічыць, што грамадскія слуханні непатрэбныя, а людзям, якія звярнуліся ў суд, патрэбныя не слуханні , а шуміха.

– Людзі, якія хацелі даведацца пра храм, яны ўсё ведаюць. Такая магчымасць ім была прадстаўлена. І на дошцы для аб’яў усё мінулае лета вісеў мой нумар тэлефону. І быў створаны адмысловы сайт, на якім былі выкладзены дакументы – экспертнае заключэнне, генплан. Людзі, якія цікавіліся, маглі ўсё гэта паглядзець. І вось гэтая шуміха, маўляў, будзе нейкі лагер. Гэта надуманае пытанне. Там ніякага лагеру не будзе.

sud_carkva_3

У цэнтры – прадпрымальнік Мікалай Рамановіч.

У сваю чаргу прадстаўнікі грамадскай арганізацыі “Экадом” не давяраюць словам прадпрымальніка. Кажа эколаг Ігар Пастухоў:

– Мы выступаем не супраць будаўніцтва царквы, а нават наадварот – сабралі подпісы і хадайнічалі за будаўніцтва праваслаўнага храма ў зручным для ўсіх месцы – у пасёлку Лантупы, дзе пражывае большасць праваслаўных. Замест вёскі Станчыкі, у аддаленай вёсцы ў лясным масіве, у заказніку. На жаль, наша хадайніцтва было адхілена. Нам архіепіскап Феадосій адказаў, што вы ў сябе ў Лынтупах можаце будаваць свой храм, а мы ў сябе, у Станчыках, пабудуем свой. То бок, думаюць не пра людзей, а пра сябе, таму што храм будзе прырастаць іншай інфраструктурай. Сёння беларуская праваслаўнай царква не плаціць падаткі, а турыстычны бізнес – прыбытковы накірунак. І не цяжка зразумець, навошта патрэбны ім гэты храм.

sud_carkva_2

Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Пастаўскага райвыканкама Сяргей Шамовіч.

Нагадаем, канфлікт паміж жыхарамі вёскі Станчыкі Пастаўскага раёна, а таксама грамадскай арганізацыі “Экадом” разгарэўся з менскім прадпрымальнікам Мікалаем Рамановічам з-за будоўлі ім царквы ля запаведнага возера Балдук. Экалагічная арганізацыя і мясцовыя жыхары лічаць, што пабудова царквы з інфраструктурай нанясе шкоду акаляючаму асяроддзю. Дазвол на будоўлю далі Віцебскі аблвыканкам і Пастаўскі райвыканкам без правядзення грамадскіх слуханняў.

Беларускае Радыё Рацыя