У Паставах міліцыянты робяць агляды дамоў і кватэр актывістаў
З канца лістапада і па сённяшні дзень у грамадскіх актывістаў з Пастаўшчыны праходзяць агляды дамоў і кватэр. Міліцыянты прыходзілі дадому да актыўных грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях, і шукалі беларускую нацыянальную сімволіку, сцягі і нават самагон. Да кагосьці прыходзілі з пастановамі за подпісам пракурора, а да кагосьці проста наведваўся ўчастковы міліцыянт і аглядаў хаты і гаспадарчыя пабудовы.
Як кажуць пастаўскія актывісты, агляды адбываліся ў межах праверкі па факце ўчынку адміністрацыйнага правапарушэння па артыкуле 23.34 неўстаноўленымі грамадзянамі. Аказваецца, міліцыянты ў тэлеграм-канале “Пастаўшчына для жыцця” ўбачылі тры фотаздымкі людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі на фоне ляснога масіву.
– Гэта нешта такое не зусім зразумелае. Яны ездзілі па хатах. У мяне дома дзеці малыя. Зайшлі з панятымі. Праводзілі агляд усіх будынкаў.
РР: А што шукалі, вам сказалі?
– Можа раптам яны дзесьці б якую сімволіку ўбачылі дома, ці яшчэ што.
Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, тут нават назіраецца яўная дыскрымінацыя.
– Павінен быць дакумент, у якім павінна быць указана, у каго праводзіцца, для чаго праводзіцца і што шукаюць. Калі няма дакумента, то можна дзверы не адчыняць і нікога на парог не пускаць. У дакуменце павінна быць напісана, у сувязі з чым гэта адбываецца. Яны не могуць завесці справу на нявыяўленую асобу. У такім выпадку можна завесці крымінальную справу ў адносінах нявыяўленай асобы і прыйсці з такой паперай да любога грамадзяніна Беларусі.
Падчас агляду ў некаторых пастаўчан забралі мабільныя тэлефоны, бел-чырвона-белыя сцягі, парасоны і нават самагон. Як кажуць пастаўчане, усе гэтыя агляды робяцца для чарговага запужвання найбольш актыўных грамадзянаў, якія выказваюцца супраць гвалту ўладаў і за сумленныя выбары.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя