У Пінскім раёне падлічылі шкоду ад буры



У Пінскім раёне падлічылі шкоду ад буры, якая абрынулася на рэгіён увечары 1-га і ўночы на 2-е ліпеня. У выніку маланкі згарэў адзін прыватны дом, моцны вецер пашкодзіў дахі дзясяткаў дамоў і васьмі сельска-гаспадарчых пабудоў, ад падзення дрэў пашкоджаныя 14 аўтамабіляў, перабоі з электрычнасцю зафіксаваныя ў 40 населеных пунктах.

„Галоўнае, што абышлося без ахвяр, а пацярпелым неабходна спакойна звяртацца па дапамогу”, – адзначае ратавальнік Уладзімір Богнат:

– Што датычыць прыватных жылых дамоў, то пазрывала дахі, разбурыла свіраны, гаражы. Неабходна ў першую чаргу звярнуцца там, дзе дамы застрахаваныя. Звяртаюцца ў Белдзяржстрах. Усё гэта абследуецца, лічыцца каштарыс, з гэтым прасцей. Што датычыць дамоў незастрахаваных, то неабходна звярнуцца ў сельвыканкамы па месцы жыхарства, зрабіць здымкі разбурэнняў, на камісіі па НС будзе прынята рашэнне.

Як паведамляюць ратавальнікі, у ліквідацыі наступстваў стыхіі на Піншчыне было задзейнічана 13 адзінак тэхнікі і каля 100 супрацоўнікаў. У экстраным рэжыме працавалі камунальнікі.

Беларускае Радыё Рацыя