У Пінску ад „спайсу” памёр 20-гадовы юнак



Смерць 20-гадовага юнака ў Пінску ад ужывання сінтэтычнага наркотыка, шырока вядомага ў грамадстве як “спайс”, выклікала ажыўленне антынаркатычных акцый. Праваахоўнікі і сацыяльныя работнікі засяродзілі ўвагу на навучэнцах каледжаў і ліцэяў, дзе больш за ўсё распаўсюджваюць смяротную курыльную сумесь.

На жаль, сталіца Палесся стала сумным лідарам па ўжыванні наркотыкаў не толькі на Берасцейшчыне, але і па ўсёй краіне.

“Барацьба з наркагандлем – гэта цэлы комплекс, які патрабуе сур’ёзнага падыходу”, – адзначае старшыня Пінскага аддзялення арганізацыі “Маці супраць наркотыкаў” Дыяна Ярмалюк:

– Наркапалітыка прадугледжвае зніжэнне шкоды ад ужывання, супрацьстаянне незаконнаму абарачэнню наркотыкаў і, зразумела, прафілактыку. І калі хоць на адзін з гэтых аспектаў будзе засяроджана менш увагі, то нарказалежнасць будзе расці. Калі зачыняецца адзін пралаз, то абавязкова знаходзіцца іншы.

Праваахоўнікамі высветлены некалькі эпізодаў, калі навучэнцы сярэдніх устаноў адукацыі ўжывалі так званы “спайс” падчас заняткаў альбо на тэрыторыі адукацыйнай установы. Такія факты прымушаюць прымаць кардынальныя меры.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота health.ej.by