У Пінску адбудзецца суд над Алесем Рамановічам
Сёння ў Пінску павінен адбыцца суд па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да праваабаронцы Алеся Рамановіча. Яго вінавацяць у тым, што нібы ён зладзіў 3 красавіка адзіночны пікет, бо з’явіўся ў грамадскім месцы з нагрудным значкам “Пагоня”. Першае паседжанне адбылося яшчэ на мінулым тыдні, але тады справу накіравалі на дапрацоўку.
“Усё з-за памылак, якія нарабіў участковы міліцыянт”, – адзначае праваабаронца:
– Дарэчы, ён нават не захацеў адразу прадстаўляцца, хто вядзе адміністрацыйны працэс, капітан міліцыі Касцюкевіч. Там даволі такая цяжкая сітуацыя была. Вельмі шмат парушэнняў з яго боку было, пра што я і запісаў у пратаколе. Згуляў непрафесіяналізм асобы, якая вяла гэтую справу.
Пасля затрымання 3 красавіка, праваабаронца суткі правёў у мясцовым ізалятары часовага ўтрымання. Тут яму стварылі нялюдскія ўмовы: кінулі аднаго ў халодную пяцімясцовую камеру, не вадзілі ў прыбіральню, не давалі спаць, то давалі, то адбіралі пасцельную бялізну і нават забралі кнігу, якая была ў камеры для чытання.
Беларускае Радыё Рацыя