У Пінску арыштаваны грамадскі актывіст Ігар Салавей



У адносінах да актывіста Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па часцы 2 артыкула 293 “масавыя беспарадкі”.

Салаўя вінавацяць ва ўдзеле ў сутычках паміж пратэстоўцамі і міліцыянтамі, якія адбыліся ў Пінску ў ноч з 9-га на 10-е жніўня.

Сябра Руху “За Свабоду”, праваабаронца Алесь Рамановіч мяркуе, што зараз ідзе пошук асобаў, якіх зробяць адказнымі за масавыя пратэсты ў першыя паслявыбарчыя дні:

– Улады Беларусі і пры тым напэўна сам Лукашэнка, яны не могуць прыняць тое, што гэты пратэст, ён самаарганізаваны. Што людзі самі арганізаваліся і вось такі выбух. Таму шукаюць людзей, якіх прызначаць арганізатарамі. Потым напішуць свае справаздачы, што знайшлі арганізатараў у горадзе Пінску, горадзе Баранавічы, у буйных гарадах, дзе былі вялікія пратэсты. Гэтых арганізатараў наўпрост прызначаць.

Вядома, што на перыяд следства Ігар Салавей будзе знаходзіцца пад арыштам і неўзабаве яго этапуюць з пінскага ізалятара часовага ўтрымання ў Баранавічы ў СІЗА №6.

Беларускае Радыё Рацыя