У Пінску дыскутуюць наконт аплаты кампенсацыі сілавікам



Неўзабаве з першай і другой групы абвінавачаных па “пінскай справе” пачнуць спаганяць сродкі на маральную кампенсацыю міліцыянтам, якіх суд прызнаў пацярпелымі. Плаціць трэба ў салідарным парадку, гэта значыць, што пакуль цалкам не пагасіцца сума, то рэшта ўсё адно дзеліцца на ўсіх, хто б колькі не ўнёс.

Пакуль сваякі, як і самі палітвязні, не маюць адзінага рашэння, што рабіць, – адзначае праваабаронца Алесь Рамановіч:

– Ёсць некалькі чалавек у першай групе, якія згодныя плаціць кампенсацыю. У асноўным, у каго арыштаваная маёмасць, кватэры, то бок у каго істотная маёмасць, і яна арыштаваная. Большасць у другой групе згодная аплаціць, але ў другой групе таксама ёсць людзі, якія нязгодныя плаціць. Тут няма згоды, нават сярод сваякоў між гэтых груп – першай і другой. У асноўным не хочуць плаціць менавіта тыя, у каго фактычна няма чаго канфіскоўваць.

Акрамя маральнай кампенсацыі сілавікам, пінчукам-палітвязням трэба выплаціць матэрыяльную шкоду, якую выставілі пінскія камунальнікі за кветкі, зламаныя сметніцы і лаўкі. Агулам сума выплат перавышае 210 тысяч рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя