У Пінску гарадскім уладам перадалі петыцыю пратэстоўцаў



У Пінску гарадскім уладам перадалі петыцыю, якую склалі на нядзельным шматтысячным мітынгу. Людзі патрабуюць вызвалення арыштаваных дэманстрантаў, прыцягнення да адказнасці сілавікоў, якія катавалі грамадзян і тых, хто ў горадзе чыніў фальсіфікацыі. Таксама пінчукі намагаюцца стварыць “народны кантроль” за працай чыноўнікаў і выклікалі кіраўніцтва горада ў аўторак на плошчу для дыялогу.

Сярод падпісантаў – грамадскі дзеяч Алесь Рамановіч. Ён адзначыў, што ўлады ўжо амаль выканалі адзін пункт петыцыі:

– Яны выпусцілі ўсіх, хто бы па адміністрацыйнаму арышту. Засталіся яшчэ тыя, на якіх будуць заведзены крымінальныя справы. Гэта адзін з пунктаў, якія яны ўжо выконваюць. А астатнія пункты вельмі нязручныя для іх, там, напрыклад, усе, хто ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі выбараў, павінны быць пакараны. Гэты пункт яны не змогуць выканаць, але гэтага патрабуе народ.

Наколькі кіраўніцтва Пінска пагадзілася з патрабаваннямі дэманстрантаў будзе вядома ўжо заўтра ўвечары. Пінчукі ізноў збіраюцца на мітынг.

Беларускае Радыё Рацыя