У Пінску гутарылі пра эмацыйнае выгаранне ў сям’і



У Пінску ў межах анлайн-праекта «Проста аб жыццёвым» адбылася сустрэча ў ходзе якой гутарылі пра эмацыйнае выгаранне ў сям’і і як не трапіць у пастку дэпрэсіі на фоне пандэміі COVID-19. Галоўная рэкамендацыя псіхолагаў – разраджацца праз улюблёныя справы і не ўтрыраваць праблему. Праект рэалізоўвае мясцовы Цэнтр сацыяльных рашэнняў.

Кіраўнік арганізацыі Уладзімір Гарох адзначыў, што мэтавай аўдыторыяй з’яўляюцца бацькі, якія выхоўваюць цяжка хворых дзяцей:

– З 21 чэрвеня ў нас пачаўся новы праект «Сямейна-адукацыйныя вебінары» – гэта праца псіхолагаў з сям’ямі, у якіх выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю. Часцяком у такіх сем’ях існуе толькі адзін з бацькоў – маці ці тата, якія займаюцца з гэтымі дзецьмі, і яны сустракаюцца з пэўнымі праблемамі – душэўнага, псіхалагічнага, псіхатэрапеўтычнага плана.

Для бацькоў, якія саромеюцца агучыць сваю праблему ці пытанне, якое іх хвалюе, у ходзе анлайн-сустрэчы, Цэнтр сацыяльных рашэнняў стварыў «пошту даверу». Кансультацыі даюць прафесійныя сямейныя псіхолагі.

Беларускае Радыё Рацыя