У Пінску хочуць аб’яднаць два святы ў адно
Пінскія чальцы Савета ветэранаў прапанавалі аб’яднаць Дзень горада і Дзень вызвалення ад нацыстаў. Адпаведны зварот адрасаваны кіраўнікам горада над Пінай. Чыноўнікі ў сваю чаргу заклікаюць гараджан далучацца да дыскусіі і выказваць свае меркаванні праз сродкі масавай інфармацыі, лісты і тэлефанаванні ў адміністрацыю горада.
Дзень горада сталіца Палесся сустракае ў першыя выходныя кастрычніка, а Дзень вызвалення ад нацысцкай навалы – 14-га ліпеня. Ветэраны абгрунтоўваюць сваю прапанову тым, што вызваленне ад гітлераўцаў – гэта другое нараджэнне, якое важней за ўсё астатняе. Тым не менш ужо прагучалі адмоўныя водгукі на прапанову сумясціць Дзень горада і Дзень вызвалення. На думку грамадскасці, Пінску амаль тысяча гадоў і ён мае вялікую гісторыю, якой ганарыцца, і тым больш вядома дакладная дата заснавання. Верагодна, што актыўную дыскусію гарвыканкам разгарне ўвосень, пасля берасцейскага абласнога аграрнага фэсту “Дажынкі”.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота pinsknews.by