У Пінску хочуць змяніць дату святкавання Дня горада?



У Пінску мясцовая адміністрацыя мае намер правесці шырокае апытанне гараджан наконт таго, калі адзначаць Дзень горада. Летась чыноўнікі сумясцілі свята з новаўведзеным Днём народнага адзінства. Парушэнне традыцыі не спадабалася многім пінчукам, якія ўжо не адно пакаленне віншуюць Пінск з “днём народзінаў” у першыя выходныя кастрычніка.

Краязнаўца Эдвард Злобін гаворыць, што рабіць летась нейкія пераносы было не лагічным:

– Справа ў тым, што святкаванне дня горада – першая нядзеля кастрычніка. Яно было першапачаткова, яно заўжды святкавалася і ніколі не пераносілася. Былі спробы перамясціць на лета, нават было ў інтэрнэце апытанне, нейкае галасаванне пастаўленае. Хтосьці прасоўваў гэтую тэму, хтосьці – не. Вось гэтыя перакідванні датаў – для мяне проста нелагічна. Святкаванне горада было вызначана адной датай, і яно ніколі  на працягу столькі гадоў не мянялася.

Са свайго боку чыноўнікі вызнаюць, што гэтая тэма хвалюе пінчукоў, таму па выніках апытання, фармат якога яшчэ не вызначаны, плануюць прыняць канчатковае рашэнне.

Беларускае Радыё Рацыя