У Пінску міліцыянты не вярнулі 400 асобнікаў «Народнай Волі»



Газету ў чацвер, 17 жніўня, атрымаў перадачай з Менску сябра Руху «За Свабоду», праваабаронца Алесь Рамановіч.

Пасля перадачы яго затрымалі і змясцілі ў ізалятар. Усе асабістыя рэчы на гэты момант забралі.

У пятніцу, 18 верасня, суддзя прыняў рашэнне адпусціць актывіста, каб на наступным тыдні разгледзець адразу дзве справы ў дачыненні да яго.

Па словах Рамановіча, гэта сапсавала планы міліцыянтаў:

– Яны, хутчэй за ўсё, разлічвалі, што калі я там знаходжуся і мае асабістыя рэчы таксама, што я атрымаю недзе сутак 15, і гэтая газета таксама будзе знаходзіцца ў іх. Яны вельмі не хацелі мне яе аддаваць. Дарэчы, прагучала была яшчэ фраза: „Калі мы яе цяпер табе аддамо, вы ж пойдзеце зараз яе раздаваць”. Вось чаго яны менавіта і баяцца.

Рэдактар «Народнай Волі» Іосіф Сярэдзіч ужо тэлефанаваў у Пінскі ГАУС з патрабаваннем аддаць усе асобнікі, прызначаныя для рэкламнага распаўсюду. Рамановічу вярнулі ўсе асабістыя рэчы адабраныя пры затрыманні, але газету адмовіліся.

Беларускае Радыё Рацыя