У Пінску міліцыянты палявалі на „Народную Волю”



У Пінску міліцыянты зладзілі цэлую аперацыю па перадухіленні распаўсюду «Народнай Волі». Каля дзесяці сілавікоў затрымлівалі сябра «Руху «За Свабоду», праваабаронцу Алеся Рамановіча, калі ён атрымаў ад кіроўцы перадачу з Менску – 400 асобнікаў «Народнай Волі». Далейшага лёсу актывіст чакаў у ізалятары.

Суддзя Андрэй Бычыла прыняў рашэнне, якое сапсавала планы аперацыі. У пятніцу 18 жніўня павінен быў адбыцца суд па іншай справе, але суддзя аб’яднаў два працэсы, – гаворыць актывіст:

– Прапанаваў аб’яднаць два пратаколы і разглядзець 22 верасня. Мяне былі вымушаныя адпусціць. Зайшоў у ГАУС і мне прапанавалі падпісаць паперу, што я забіраю асабістыя рэчы, але ж «Народная Воля» заставалася ў іх. Сказаў: «Падпішу, калі атрымаю ўсё!». Бо «Народная Воля», 400 асобнікаў, упісаная ў пратаколе. Яны не далі згоды, і я не падпісаў гэтую паперу. Пакунак з «Народнай Воляй» аднеслі ў кабінет падпалкоўніка Хрысцюка.

Пратакол па апошнім затрыманні на Алеся Рамановіча складаў участковы інспектар міліцыі Сяргей Лічэўскі.

Вядома, што ў Пінскі ГАУС тэлефанаваў рэдактар газеты Іосіф Сярэдзіч, які запатрабаваў вярнуць актывісту 400 асобнікаў, прызначаных для рэкламнага распаўсюду. Магчыма, вяртанне «Народнай Волі» адбудзецца ў пятніцу, 18 жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя