У Пінску мужчына забіў маці і спаліў цела ў печы



Следства высвятляе акалічнасці забойства 75-гадовай пінчанкі.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Дзмітрый Іванюк, 26 лютага ў міліцыю ў Пінску з заявай аб знікненні маці звярнуўся 40-гадовы мясцовы жыхар, які нідзе не працуе. Паводле яго слоў, у пачатку лютага яго 75-гадовая маці, з якой ён жыве ў адным доме, забрала свае рэчы і пайшла ў невядомым кірунку.

У ходзе шэрагу працэсуальных дзеянняў следчымі было ўстаноўлена, што знікненне жанчыны можа насіць крымінальны характар.

Будучы паўторна апытаным, мужчына расказаў, што ў ноч з 3 на 4 лютага ў ходзе сваркі ён штурхнуў маці, і яна стукнулася галавой. Увечары 4 лютага сын убачыў, што маці памерла, і, спалохаўшыся, спаліў яе цела ў печы ў хаце.

Следчымі сумесна са спецыялістамі Пінскага міжраённага аддзела ДКСЭ і УДКСЭ па Брэсцкай вобласці праведзены агляды дома, падчас якіх знойдзены і канфіскаваны аб’екты, на якіх ёсць сляды біялагічнага паходжання. Прызначаныя судова-генетычная, медыка-крыміналістычная, судова-медыцынская і іншыя экспертызы, якія дапамогуць у высвятленні акалічнасцяў таго, што адбылося.

2 сакавіка Пінскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да мужчыны была распачата справа па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага п. 2 ч. 2 арт. 139 КК (забойства). Ён затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

Раней мужчына судзімы не быў.

belapan.by