У Пінску мясцовыя ўлады адрэагавалі на крытычныя заўвагі гараджан



У Пінску мясцовыя ўлады адрэагавалі на крытычныя заўвагі гараджан. Пінчукі абурыліся тым, што камунальнікі пачалі з дарожнай пліткі-трылінкі 1930-х гадоў рабіць пляцоўкі пад сметніцы. Гэтую трылінку ўжо некалькі год запар актыўна выдаляюць з гістарычнай часткі Пінска.

Улады праінфармавалі, што цяпер плітку выкарыстаюць ў добраўпарадкаванні тэрыторыі каля пінскага кінатэатра. Гісторык-краязнаўца Эдвард Злобін перакананы, што трылінку ўвогуле не варта было чапаць:

— Далёка не трэба бегаць: ні ў Луцк, ні ва Украіну, ні ў Польшчу, ні ў Літву, дзе ўсё гэта захоўваецца, усё разумна, і нікому ў галаву не прыйдзе нішчыць старыя брукаванкі-трылінкі, якія там таксама існуюць. Далёка хадзіць не трэба: 170 кіламетраў ад горада: Столін. Раённы цэнтра меншага значэння чым Пінск, але нікому ў галаву не прыйшло зрываць плітку з цэнтральнай вуліцы.

Трылінку актыўна выкарыстоўвалі на Палессі ў сярэдзіне 1930-х гадоў і не толькі ў межах гарадоў. Ёй выкладзена старая дарога Пінск-Берасце.

Беларускае Радыё Рацыя