У Пінску на Дзень Волі традыцыйна ўшануюць Рамана Скірмунта



На Піншчыне ў дзень абвяшчэння незалежнасці БНР прадстаўнікі грамадскасці па традыцыі наведаюць пахаванне Рамана Скірмунта. Ён якраз стаяў ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, фармаваў урад БНР і абараняў інтарэсы маладой рэспублікі на міжнароднай арэне.

Скірмунт пахаваны на ўскрайку ўласнага парку ў вёсцы Парэчча. Краязнаўца Эдвард Злобін адзначае, што з-за ланцугу трагічных падзей гэтае месца стала адвечным спачынам не толькі для прэм’ера БНР:

– Як вядома на ўскрайку парку, дзе пахаваны Раман Скірмунт, там таксама пахаваныя яго сваякі. Гэта і сястра Хэлена і яе муж Баляслаў, а таксама пляменнік яго Аляксандр, які загінуў у Варшаве ў 1920-ых гадах. Плюс магіла васьмі польскіх жаўнераў, якія загінулі ў 1919 годзе.

Раман Скірмунт быў расcтраляны разам са шваграм Баляславам у кастрычніку 1939 года, калі іх нібыта мусілі адвесці на допыт з Парэчча ў Пінск. А ўжо ў 1943 годзе савецкія партызаны забілі сястру прэм’ера БНР Хэлену за тое, што яна пад наглядам нацыстаў адкрыла школу-інтэрнат для абяздоленых вайною дзяцей.

Беларускае Радыё Рацыя