У Пінску на вуліцы Леніна масава гінуць птушкі



На птушыны грып ды хваробу Ньюкасла, азіяцкую чуму птушак, правяраюць парэшткі гракоў, галак і воранаў, якія масава гінуць у цэнтры Пінска.

Экспертыза адбываецца ў Менску, пакуль пра вынікі не паведамляецца. Ветэрынары запэўніваюць, што гэта не анамалія і не трэба панікі, бо такія выпадкі рэгулярна здараюцца ў свеце.

Масавая гібель птушак пэўнай калоніі можа быць абумоўлена шэрагам аб’ектыўных фактараў, але мясцовы арнітолаг Мікалай Масткоў бачыць у гэтым кепскі знак:

– Сігнал усім нам, бо лёс гэтых загінулых птушак – гэта наш лёс, гэта наша здароўе, гэта паказчык экалагічнага стану, ці атмасферы, ці нейкіх водных крыніц, дзе яны маглі напіцца, ці асеўшыя рэчывы на пладах.

“Толькі на вуліцы Леніна выяўлена масавая гібель птушак”, – адзначыў супрацоўнік міжраённай інспекцыі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя Павел Селівон:

– Любыя месцы, дзе было заўважана масавае пражыванне дадзенага віду птушак, у тым ліку і палігоны цвёрда-бытавых адходаў, мініпалігоны на тэрыторыі Пінскага раёна мы даследуем. Можа быць нечакана мы недзе ўбачым нешта, але пакуль даследаванні выніку не далі. Птушкі выяўлены толькі на вуліцы Леніна ў горадзе Пінску і нідзе ў іншым месцы.

На думку адмыслоўцаў, верагодна, што птушкі нешта з’елі ў нейкім месцы. Аналагічны выпадак быў у Румыніі, дзе жывёлы атруціліся сапсаванымі вінаграднымі вырабамі.

[youtube id=”RNzvDFqgC2M”]

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Відэа ctv.by