У Пінску пачалася кампанія па адкліканні дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў
У Пінску пачалася кампанія па адкліканні дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Аляксандра Амельянюка і Валянціны Бегебы, якія ў заканадаўчым органе краіны прадстаўляюць Піншчыну.
Каардынуе кампанію Вераніка Іванова. Паводле яе слоў, зараз ідзе актыўны збор подпісаў пад заявай для правядзення сходу па адкліканні так званых “народных абраннікаў”:
– Кампанія на актыўнай стадыі. Сабрана патрэбная колькасць подпісаў. Але загадзя ведаем, што частку нашых подпісаў будуць бракаваць, таму не спыняемся на лічбе 150. Мы хочам сабраць каля 300-400. І мяркуем у панядзелак накіраваць заяву на адкліканне. Спадзяемся на законныя і легальныя змены. Але так як было – не будзе і не можа быць.
Пінчукі вырашылі ініцыяваць працэс адклікання дэпутатаў Амельянюка і Бегебы пасля таго, як яны 23-га жніўня не з’явіліся на Народны сход для адкрытай размовы. Іх запрашалі калектыўным зваротам, але просьбу выбарцаў праігнаравалі.
Беларускае Радыё Рацыя