У Пінску пачалося ўпарадкаванне старажытных могілак
На старажытных могілках Пінска, якім ужо два стагоддзі, пачаліся працы па іх упарадкаванні. Іх ладзяць арганізацыі, чый патранаж за пахаваннямі замацавалі мясцовыя ўлады. Напачатку года комплекс падзялілі на 48 участкаў.
“Гэтай практыцы ўжо некалькі гадоў, і, на жаль, ёсць адмоўныя бакі,” – тлумачыць краязнаўца Эдвард Злобін:
– Мінула ўжо 10 гадоў гэтых забавязанняў, якія браў на сябе горад. Нібыта стаўленне з павагай, ладзяцца суботнікі, але, прабачце мяне, як гэтыя суботнікі праводзяцца? Часам заўважаем, як нешта без следу знікае, прыбіраецца і знішчаецца. Гэта з аднаго боку. А з другога боку, і гэта самае галоўнае – не зроблена тое, што абяцалі: а абяцалі, што могілкі набудуць статус.
Краязнаўца ўпэўнены, што паступовае знішчэнне старажытных могілак Пінска можна прыпыніць, калі ўлады зменяць стаўленне да комплекса. “Гэта не наўпрост пахаванні, а гісторыка-культурная каштоўнасць, сапраўдны пантэон”, – дадае Эдвард Злобін.
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота: pinsk.gov.by