У Пінску пакаралі вандалаў
Праваахоўнікі змаглі знайсці тых, хто ўвесну пашкодзіў 7 надмагілляў на старажытных гарадскіх могілках. Двух грамадзян пінскі суд пакараў штрафамі і прымусіў за ўласныя сродкі аднавіць пашкоджаныя імі помнікі. Гісторык-краязнаўца Эдуард Злобін адзначае, што гэта сапраўды падзея, бо, як правіла, учынкі вандалаў на гэтых могілках застаюцца без пакарання. На ягоную думку, комплексу трэба надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, каб вандалы неслі яшчэ большую адказнасць:
– Гэта, у прынцыпе, самае галоўнае, чаго жадаюць жыхары горада. Бо многія пытанні не ўзнікалі б, быў бы зусім іншы падыход. Але наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці – гэта прэрагатыва гарадскіх уладаў. Яны павінны зрабіць такі крок, прыкласці да гэтага ўсе намаганні, каб стала так, як яно ёсць на ўсіх вядомых гістарычных могілках.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Эдуард Злобін паведаміў, што 7 пашкоджаных надмагілляў выявілі на габрэйскай частцы, але ніхто не звяртаў увагу на праваслаўныя і каталіцкія пахаванні. На пінскіх старажытных могілках захаваліся пахаванні паўстанцаў Каліноўскага, ахвяраў восені 1939 года, ідэолагаў руху незалежнасці Літвы і Беларусі пачатку ХХ стагоддзя ды дзеячаў Польшчы.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
