У Пінску патрабуюць адклікаць дэпутатаў
У Пінску прыхільнікі перамен у чаканні адказу на заяўку пра правядзенне сходу па пытанні адклікання дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Яшчэ напрыканцы жніўня амаль тысяча пінчукоў падпісалася пад такой петыцыяй, якую перадалі мясцовым уладам.
Па словах актывіста Віктара Грыцэвіча, дзейнасць дэпутатаў настолькі мізэрная, што яны наўпрост не цікавыя людзям:
– Ніхто не ведае, хто дэпутат па якой акрузе ў іх. Дык гэта што ж за праца такая? Вы працуйце з выбаршчыкамі, якія вам даверылі гэта дэпутацтва. Гэтым вы не займаецеся, непасрэднымі сваімі абавязкамі. Чаму не даеце справаздачу за канкрэтны дэпутацкі год? Бо калі зараз узяць усе гэтыя абяцанні, якія дэпутаты выдавалі, калі 1% – гэта добра.
Піншчыну ў палаце прадстаўляюць Аляксандр Амельянюк і Валянціна Бегеба. Кампанія па іх адкліканню пачалася пасля таго, як яны праігнаравалі просьбу пінчукоў сабрацца на галоўнай плошчы горада для адкрытага дыялогу.
Беларускае Радыё Рацыя