У Пінску плануюць пабудаваць новы ІЧУ
У Пінску гарадскі Савет дэпутатаў звярнуў увагу на мясцовы ізалятар часовага ўтрымання. Умовы ў ім прызналі непрымальнымі і плануецца будаўніцтва новага будынка для ўстановы. У цяперашнім ізалятары адсутнічаюць прыбіральні, замест іх у кожнай камеры вядро, няма тэрыторыі для прагулкі арыштаваных ды заядаюць клапы.
Былы дэпутат Пінскага гарсавета Мікалай Міхалевіч, які летась адседзеў 20 сутак, называе такія ўмовы катаваннем:
– Я, як мужчына, разумею, як гэта цяжка. Але ўявіць не магу, як гэта было жынчынам, маладым дзяўчатам. Калі дзяўчынцы даюць 15 сутак за палітычную дзейнасць, я гатовы сам за яе адсядзець. Бо ў такіх умовах не можа знаходіцца чалавек, а тым больш жанчына ці дзяўчына. Такога зневажання, такога здзеку я яшчэ ніколі не бачыў! Гэта можна прыраўняць толькі да катаванняў.
Будынак, у якім знаходзіцца пінскі ізалятар, паўстаў яшчэ за польскім часам у 1931 годзе. Гэта падвальнае памяшканне, якое знаходзіцца ніжэй за сістэму каналізацыі, з-за чаго і існуюць усе праблемы, – тлумачаць прадстаўнікі мясцовага Савета дэпутатаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота: 1pinsk.by