У Пінску прайшла акцыя “Вазьмі сабе сябра!”



Пінскія актывісты заалагічнага руху задаволеныя сваёй нядзельнай акцыяй “Вазьмі сабе сябра!”. Гараджанам прапаноўвалі даць прытулак бадзяжным жывёлам. За чатыры гадзіны акцыі – 11 бадзяжных шчанюкоў знайшлі гаспадароў, а актывісты сабралі невялікую суму ахвяраванняў. Гэтай акцыяй Пінскае гарадское добраахвотнае аб’яднанне “Абарона жывёл” адкрыла сезон вулічных мерапрыемстваў. Аналагічыя акцыі працягнуцца да сярэдзіны восені. Чалец праўлення арганізацыі Алена Рамановіч адзначыла, што гэта бясконцая праца:

– Мы, здаецца, столькі робім штогод. Мы столькі жывёл дапамагаем стэрылізаваць, падбіраем, ратуем. І ў той жа час, такое пачуццё, што іх становіцца ўсё больш на вуліцы. Людзі бачаць, што калі жывёл з вуліц падбіраюць, то можна іх выкідаць. І кожны год усё пачынаецца нанова. Лета – зноў выкідаюць кацянят і шчанюкоў. Таму нашая праца будзе працягвацца і наступныя пакаленні.

У пінскім аб’яднанні “Абарона жывёл” упэўненыя, што праблему бадзяжных жывёл можа вырашыць стэрылізацыя хатніх гадаванцаў, якіх не збіраюцца разводзіць для продажу.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя