У Пінску прайшлі суды за акцыю ў абарону незалежнасці
У Пінску за два дні адбыліся чатыры суды над удзельнікамі акцыі ў абарону незалежнасці краіны і супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй. Асудзілі чатырох жыхароў горада над Пінай.
Штрафамі пакараныя: Дзмітрый Тарасюк і Мікалай Міхалевіч – па 270 рублёў, 135 рублёў Таццяна Кебікава і 108 рублёў Людміла Алёхіна.
Удзельнік судовых працэсаў, актывіст Ігар Салавей адзначыў, што фармальна суды адбыліся за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве:
– Відавочна, што ўдзельнікаў гэтага пікету судзілі не за іх акцыю, як праяву патрыятызму і любові да сваёй Радзімы, а судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. За тое, што яны не ўзгаднілі з мясцовымі ўладамі і праявілі сваю ініцыятыву.
Нагадаем, што ў Пінску ўвечары 20 снежня каля 10 чалавек сабраліся ў гістарычным цэнтры каля помніка «Палешуку». Яны разгарнулі два плакаты з лозунгамі: «Годзе гандляваць краінай! Не інтэграцыі» ды «Інтэграцыя = Акупацыя!».
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота media-polesye