У Пінску працягнецца суд над Алесем Рамановічам



У Пінску сёння,  9 кастрычніка, працягнецца судовае разбіральніцтва па адміністрацыйнай справе ў адносінах да сябра “Руху “За Свабоду”, праваабаронцы Алеся Рамановіча. У адзін працэс аб’яднаныя два пратаколы – па затрыманні 10 жніўня і 13 верасня. Усё за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах.

Справа ўжо двойчы накіроўвалася на дапрацоўку з-за памылак, зробленых міліцыянтамі, – адзначае актывіст:

– Мяне затрымалі 10 жніўня, напісалі, што 11. Там ёсць хібы. А так як аб’ядналі два пратаколы ў адну справу, першы пратакол я поўнасцю падверг сумневу, таму што сведкі ўсе блыталіся, яны давалі паказанні самі сабе супярэчачы. Яны давалі іншыя паказанні, а не тое, што напісана ў пратаколе. Тое, што напісана ў рапарце, – таксама другія. Канешне, адправілі справу на дапрацоўку. Суддзя вырашыў так: самі “накасячылі”, самі і разбірайцеся.

Алесь Рамановіч мяркуе, што за 10 жніўня яму дадуць штраф, а вось за 13 верасня могуць пакараць адміністрацыйным арыштам. Таму актывіст у трэці раз ідзе на працэс з рэчамі, якія неабходныя ў ізалятары.

Беларускае Радыё Рацыя