У Пінску сілавікі спрабуюць затрымаць актывіста Дзмітрыя Тарасюка



Рэха акцый недармаедаў. У Пінску сілавікі спрабуюць затрымаць актывіста Дзмітрыя Тарасюка. Міліцыянты паведамілі, што ён мусіць адседзець 15 сутак арышту за ўдзел у леташніх пратэстах супраць “дэкрэта аб дармаедах”.

У красавіку мінулага года пінскі суд пакараў Дзмітрыя Тарасюка штрафам у 50 базавых велічынь за нібыта непадпарадкаванне АМАПу падчас затрымання і 15 суткамі арышту непасрэдна за сам удзел у двух сакавіцкіх акцыях на гарадской плошчы Пінска. Тады актывіст сплаціў штраф, але ў ізалятар не трапіў, бо паспеў надоўга з’ехаць у замежжа на заробкі.

Ужо некалькі дзён міліцыянты спрабуюць затрымаць актывіста, які наўпрост не выходзіць з уласнай кватэры. Раніцай Дзмітрый Тарасюк паведаміў сябрам, што больш хавацца не збіраецца і як трэба падрыхтаваўся да сутак.

Нагадаем, што летась у Пінску адбыліся дзве масавыя акцыі недармаедаў. Пад рэпрэсіі трапілі звыш 20 мясцовых жыхароў. Частка з якіх атрымала не толькі вялікія штрафы, але і арышты ад 5 да 15 сутак.

Беларускае Радыё Рацыя