У Пінску пройдзе акцыя “Вазьмі сабе сябра”



Акцыяй “Вазьмі сабе сябра” Пінскае гарадское дабрачыннае аб’яднанне “Абарона жывёл” завершыць сезон вулічных мерапрыемстваў, якія рэгулярна адбываюцца ў горадзе над Пінай з вясны па восень. Акцыя “Вазьмі сабе сябра” стала традыцыйнай, падчас яе валанцёры намагаюцца знайсці бадзяжным жывёлам як мага болей гаспадароў.

Чалец праўлення аб’яднання Алена Рамановіч кажа, што без падтрымкі гараджан праблема застанецца актуальнай на доўгі час:

– Уявіце 130 тысячны горад, кожны дзень нам тэлефануюць – забярыце ката ці сабаку. Мы не можам іх забраць. Нічога не атрымаецца, калі самі людзі не пачнуць адказна адносіцца да сваіх дамашніх выхаванцаў, напрыклад, стэрылізаваць іх. Бо калі мы ўладкоўваем шчанят ці кацянят, мы не заўсёды можам прасачыць, што з імі адбываецца далей. А часцей за ўсё яны аказваюцца на вуліцы. Людзі ў нас вельмі прадпрымальныя: яны выкарыстоўваюць нашыя групы, нашыя акцыі, каб раздаваць уласных хатніх кацянят ці шчанят. Гэта вельмі сумна.

Мерапрыемства запланавана на нядзелю, 14 верасня, у скверы каля палаца культуры “Трыкатажнік”. Валанцёры праз Інтэрнэт звярнуліся да жыхароў Пінска з просьбаю не прыносіць на акцыю сваіх жывёл. Такія выпадкі неаднаразова мелі месца.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя