У Пінску пройдзе навуковая канферэнцыя да 150-годдзя Рамана Скірмунта



Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 150-м угодкам з дня нараджэння Рамана Скірмунта, пройдзе ў Пінску. 24-25 траўня навукоўцы з Беларусі, Польшчы, Украіны збяруцца, каб абмеркаваць вынік сваіх даследаванняў пра лёс гэтага славутага чалавека, прэм’ер-міністра БНР.

Пра  канферэнцыю: „Род Скірмунтаў у эпоху сацыяльнай мадэрнізацыі грамадства на землях „гістарычнай Літвы” кажа прафесар Алесь Смалянчук. 

– Чаму ўвага да Рамана Скірмунта? Па-першае, гэта звязана з маімі асабістымі зацікаўленасцямі. Я даўно займаюся біяграфіяй гэтага чалавека. І нарэшце практычна закончыў працу над кнігай. А другі момант, гэтая кніга і сама постаць, і даследаванні прымушаюць шмат што перагледзець у беларускай гістарыяграфіі. Яна з’яўляецца сама па сабе пэўным выклікам беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі. Бо, напрыклад, Раман Скірмунт не ўпісваецца ў вузканацыянальную  парадыгму беларускую.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Піншчына для навуковай канферэнцыі была ўзята не дарэмна. Менавіна на Піншчыне, у вёсцы Парэчча нарадзіўся і быў пахаваны Раман Скірмунт. Менавіта туды на другі дзень канферэнцыі навукоўцы накіруюцца адмысловай экскурсіяй па мясцінах славутага роду Палесся. Гаворыць Алесь Смалянчук:

– Мы плануем падарожжа па скірмунтаўскіх мясцінах, якое пачнецца ў Пінску. Пасля наведаем Парэчча, дзе нарадзіўся і пахаваны Раман Скірмунт. І Моладава, дзе ягоныя блізкія сваякі загінулі ў 1939 годзе. Я праводзіў экспедыцыі па “Вуснай гісторыі” у самім Парэччы і наваколлях, з 1999 года пачынаючы. Сабралі мы велізарную колькасць вусных успамінаў пра Рамана Скірмунта. На жаль, што тычыцца палітыкаў, нікога знайсці не атрымалася.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

На жаль, Пінскі універсітэт не захацеў прымаць удзел у навуковым форуме гісторыкаў. Ён праходзіць пад патранажам Польскага Інстытута ў Менску, Інстытута Славістыкі Польскай Акадэміі Навук з Варшавы і Генеральнага консульства Польшчы ў Берасці. Далучацца да дыскусіі канферэнцыі мясцовыя краязнаўцы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня