У Пінску раскручваецца крымінальная справа супраць кіраўніка дабрачыннай установы



У Пінску раскручваецца крымінальная справа супраць кіраўніка мясцовай дабрачыннай установы “Палеская дабрыня” Алены Шымолінай.

Арганізацыя пасля 9-га жніўня пачала дапамагаць пінчукам, якія трапілі на “суткі” ці пацярпелі ад гвалту сілавікоў.

На допыт, у межах справы, пачалі выклікаць усіх, каго каралі за ўдзел у акцыях пратэсту, – гаворыць праваабаронца, сябра Руху “За Свабоду” Алесь Рамановіч:

–  Зараз выклікаюць шмат людзей, якія не ведаюць Алену Шымоліну, але праходзілі па 23.34 КаАП. Задаюць пытанні пра тое, колькі атрымалі штрафаў і ці атрымлівалі дапамогу ад Шымолінай, ці ведаеце людзей, якія атрымлівалі. Менавіта вось нават людзі, якія Шымоліну ведаць не ведалі. Я думаю, будзе яшчэ шмат такіх выклікаў.

Першапачаткова Алену Шымоліну пачалі вінаваціць у нявыплаце падаткаў. Нядаўна Пінская міжраённая пракуратура без удакладненняў паведаміла, што ў дачыненні да кіраўніка дабрачыннай арганізацыі заведзена справа за карупцыю. Цяпер Шымоліна знаходзіцца па-за межамі краіны.

 Беларускае Радыё Рацыя

Фота: greenbelarus.info