У Пінску раскручваецца крымінальная справа аб фінансаванні “масавых беспарадкаў”



У Пінску раскручваецца крымінальная справа аб фінансаванні “масавых беспарадкаў”, яе распачалі месяц таму ў дачыненні да дабрачыннай установы “Палеская дабрыня”. Дырэктарка ўстановы Алена Шымоліна яшчэ напрыканцы мінулага года выехала з краіны.

Па словах праваабаронцы Алеся Рамановіча, гэтую крымінальную справу следчыя органы выкарыстоўваюць для пошуку актыўных удзельнікаў пінскіх падзей 9-га – 10-га жніўня:

– Людзей выклікаюць у асноўным па справе Алены Шымолінай. Гэта справа па фінансаванні беспарадкаў. Але іх апытваюць таксама і па 9-м жніўня. Да таго ж, наколькі я ведаю, яны пераглядаюць усе відэа, усіх тэлефоны глядзяць, шукаюць нешта. Таму што тая колькасць людзей, якіх яны зараз затрымалі, яна проста фізічна не магла справіцца са 100 супрацоўнікамі міліцыі.

Па інфармацыі Пінскай міжраённай пракуратуры, дабрачынная ўстанова і яе кіраўнік выдаткоўвала фінансавыя і іншыя матэрыяльныя сродкі для ўдзельнікаў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у Пінску ў жніўні 2020 года.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота:  edia-polesye.by