У Пінску стрэсанеўстойлівая міліцыя?
Петыцыю аб пазачарговай атэстацыі пінскіх міліцыянтаў за тыдзень падпісала амаль 2700 чалавек. Ініцыявалі зварот жыхары Пінска, калі стала вядома, якія паказанні ў ходзе суда па “пінскай справе” даюць пацярпелыя міліцыянты. Многія заявілі, што ў момант разгону мітынгу ў ноч з 9-га на 10-е жніўня ім было страшна.
Праваабаронца Алесь Рамановіч адзначае, што пінчукі натуральна турбуюцца, калі грамадскі парадах ахоўваюць баязлівыя сілавікі:
– Самі супрацоўнікі ГАУСа і РАУСа на судзе сказалі, што ім было страшна, нават у некаторых і дагэтуль нейкія такія засцярогі засталіся. У прынцыпе ў пінчукоў узнікае законнае пытанне: чаму ў нас такая стрэсанеўстойлівая міліцыя? Як яна будзе змагацца з сапраўднымі злачынцамі? Таму вось гэтая петыцыя і з’явілася. Нам, пінчукам, таксама страшна, калі ў нас такая міліцыя.
Пакінуць подпіс пад зваротам аб пазачарговай атэстацыі пінскіх міліцыянтаў магчыма яшчэ цягам трох дзён на сайце petitions.by.
Беларускае Радыё Рацыя