У Пінску суд апраўдаў абаронцу бадзяжных жывёл Тамару Мініч



У Пінску суд апраўдаў пенсіянерку Тамару Мініч, якая даглядае за бадзяжнымі жывёламі. Адміністрацыйны працэс адбыўся па ініцыятыве камунальнікаў. Яны звінавацілі жанчыну ў нанясенні шкоды жыллёваму фонду – нібы яна выбіла цэгліны ў акне падвала шматпавярховіка, каб вызваліць адтуль замураваных кацянят. Суду не хапіла доказаў яе віны.

Гэтай сітуацыі ўвогуле не было б, калі б камунальнікі выконвалі рашэнне Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, кажа старшыня пінскага аб’яднання “Абарона жывёл” Алена Рамановіч:

– У 2016 годзе з’явіўся дакумент Міністэрства архітэктуры па тэхнічнаму абслугоўванню будынкаў і збудаванняў, па якому для скразнога праветрывання падвалаў павінны быць вокны, зацягнутыя сеткай. І абавязкова на адным з ваконцаў дзверка, якая адчынаецца навонкі, каб коткі маглі выйсці. У 2016 годзе пісалі у пінскае ЖКГ. На першы ліст нам наогул не адказалі ў 2017 годзе. Калі паўторна даслалі ліст, нам адказалі, што няма грошай, што іх не будзе да 2020 года.

У Пінскі суд падтрымаць Тамару Мініч прыйшло каля дзесяці неабыякавых пінчукоў. Яны намалявалі плакат з надпісам: “Хто жорсткі з жывёламі, той не можа быць добрым чалавекам!”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота realt.onliner.by