У Пінску суд спыніў справу ў дачыненні да Кірыла Іванова
У Пінску суд спыніў справу ў дачыненні да Кірыла Іванова. Сына праваабаронцы, грамадскай дзяячкі Веранікі Івановай спрабавалі абвінаваціць у тым, што ён пакідаў каментары пад мянушкай “Змагар” у тэлеграм-чатах, у якіх нібыта заклікаў да масавых беспарадкаў. Грамадская дзяячка адзначае, што суддзя мусіў быў прыняць да ўвагі сто адсоткавыя доказы недатычнасці да допісаў Кірыла:
– У той перыяд, калі пісаліся Змагаром гэтыя паведамленні, Кірыл знаходзіўся на працы і пад відэакамерамі. І ёсць вялікая колькасць сведкаў, якія знаходзіліся ў цэху, дзе Кірыл зусім не меў магчымасці пісаць. І нават у той момант, калі Кірыл знаходзіўся ў будынку міліцыі і быў затрыманы, гэты чалавек працягваў пісаць. То бок гэта катэгарычна выключае датычнасць Кірыла да напісання гэтых каментароў.
Тым не менш ціск на сям’ю грамадскай дзяячкі працягваецца. Працадаўца Кірыла, а гэта пінскі мясакамбінат, паведаміў яму, што не будзе ў верасні працягваць з ім кантракт.
Беларускае Радыё Рацыя