У Пінску судзілі Алеся Рамановіча і Мікалая Міхалевіча (абноўлена)



У Пінску, за ўдзел у Народным сходзе 23-га жніўня, адзін са спікераў пінскіх пратэстоўцаў Алесь Рамановіч сёння быў пакараны 20-ю базавымі штрафу. Актывіст быў затрыманы ўчора і да суда суткі адседзеў у ізалятары.

Але ў адносінах да Рамановіча вядзецца яшчэ адна адміністрацыйная справа па пратэстах за 10-е жніўня, – паведаміла паплечніца Вераніка Іванова:

– Яму “шыюць 23.24” – удзел у масавых несанкцыянаваных мерапрыемствах. Учора на паседжанні яго пратакол, у сувязі з грубай памылкай у пратаколе, быў накіраваны на дапрацоўку. Яго затрымалі, як толькі ён выйшаў з будынка суда. Яны мяркуюць, што калі абезгаловяць пратэст, то ўсё сціхне, але гэта не так. Я думаю эфект будзе адваротны.

Напачатку пратэстаў пінскія прыхільнікі перамен абралі народных спікераў, якім даручылі прадстаўляць свае інтарэсы, гэта: Вераніка Іванова, Алесь Рамановіч, Юры Бахцераў і Анатоль Ваткевіч. Ужо ўсе спікеры адчулі ціск, а Бахцераў і Ваткевіч з 28-га жніўня адбываюць 15-ці суткавы арышт.  

***

Суд Пінска і Пінскага раёна пакараў грамадскага актывіста Мікалая Міхалевіча пяці суткамі арышту. Яго прызналі вінаватым у паўторным удзеле за год у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Так суддзя Клімовіч назваў Народны сход, які адбыўся на галоўнай плошчы Пінска 23-га жніўня, калі сотні людзей чакалі на сустрэчу з дэпутатамі.

Мікалай Міхалевіч сказаў, што прысуд толькі ўзмацняе змаганне:

–  Асабіста па мне, дык у мяне замест злосці з’яўляецца лютасць з усімі наступствамі і без усялякіх пытанняў. Яны самі прымушаюць паступаць больш радыкальна. Як яно будзе – не ведаю, але штурхаюць менавіта ў такі накірунак.

Мікалай Міхалевіч удзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці Пінска з часоў набыцця незалежнасці. У 90-я гады ён з’яўляўся дэпутатам Пінскага гарадскога Савета ад дэмакратычнага блоку.

***

У Пінску за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту судзяць сябра «Руху «За Свабоду», праваабаронцу Алеся Рамановіча і грамадскага актывіста Мікалая Міхалевіча. Рамановіча затрымалі яшчэ ўчора і змясцілі ў ізалятар мясцовага аддзялення міліцыі.

Міхалевіч перад разглядам справы паведаміў, што не падпісваў аніякіх пратаколаў:

– Частка трэцяя артыкула 23.34. А што і як не ведаю. Я нічога не падпісваў і нават не пусціў іх дахаты. Сказаў толькі адное, каб яны мне далі позву ў суд і я прыйду. У восем гадзін вечара яны мне прыносілі пратакол.

Мікалай Міхалевіч з’явіўся на суд з дзвюма торбамі, у якія паклаў рэчы неабходныя для ізалятара. Ён перакананы, што яго пакараюць адміністрацыйным арыштам.

Беларускае Радыё Рацыя