У Пінску судзяць удзельнікаў акцыі пратэсту (абноўлена)
У Пінску штрафамі пакаралі яшчэ двух удзельнікаў „пінскай плошчы”. Суд вызнаў 83-гадовага Івана Жука ўдзельнікам несанкцыянаванай акцыі і прызначыў 10 базавых велічыняў, аналагічна, але 8 базавамі велічынямі пакараны іншы пінчук.
Абодва грамадзяніна не пагадзіліся з прысудам і будуць яго абскарджваць, бо не лічаць сябе ўдзельнікамі ніякіх несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Сведкамі ў справе Жука і пінчука, які пажадаў, каб яго імя не фігуравала ў СМІ, выступілі супрацоўнікі праваахлўных органаў, якія выказалі меркаванне, што іх можна лічыць удзельнікамі.
У чацверг, 6-га сакавіка, адбудуцца суды над: прадстаўніком “Руху За Свабоду” ў Пінску, сябрам Партыі БНФ Алесем Рамановічам, грамадскім актывістам Ігарам Салаўём і яшчэ адным пінчуком, які не хоча розгласу імя і прозвішча.
Нагадаем, што 26-га сакавіка на плошчу Пінска выйшла каля 60 грамадзян у знак салідарнасці з затрыманымі ў Менску і супраць Дыкрэта №3. Пад пераслед трапіла 12 гараджан, з якіх 4 ужо атрымалі адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе штрафаў.
***
У Пінску агучаны першыя прысуды грамадзянам за ўдзел у акцыі 26-га сакавіка, што адбылася на цэнтральнай гарадской плошчы. Пад пераслед трапіла 12 пінчукоў з якіх 2 ужо атрымалі па 10 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Пінск. 26 сакавіка 2017 года.
Суды працягнуцца да канца тыдня.
Грамадскі актывіст Ігар Салавей, якога будуць судзіць 6-га красавіка, кажа, што людзі выйшлі на мірны сход, які гарантаваны Канстытуцыяй:
– Свабода мірных сходаў грамадзян гарантавана Канстытуцыяй, а не жаданнем мясцовага чыноўніка дазваляць ці не. У Пінску і быў такі сход, і абавязак мясцовых уладаў выйсці да людзей, паслухаць і вырашыць праблемы, а не высылаць на плошчу АМАП. Чакаецца шэраг судовых пакаранняў па справе „Пінскай Плошчы”, у справядлівасць суда ніхто не верыць.
Не ўсе з 12-ці фігурантаў па справе “Пінскай Плошчы” хочуць публічнасці, што сведчыць пра запалохванне, мяркуюць актывісты. Нагадаем, што 26-га сакавіка на плошчу Пінска выйшла каля 60 грамадзян у знак салідарнасці з затрыманымі ў Менску і супраць Дыкрэта №3.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя