У Пінску ціснуць на грамадзян, якія падпісаліся за адкліканне дэпутатаў ПП



У Пінску пачаўся ціск на грамадзян, якія падпісаліся пад заявай на праведзенне сходу па пытанні адклікання дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад Піншчыны. Гэта Аляксандр Амельянюк і Валянціна Бегеба. Па кожнай пінскай акрузе прыхільнікі перамен сабралі па 400 подпісаў з патрэбных 150-ці.

Зараз ідзе тэрміновы дабор новых подпісаў, – гаворыць актывістка, праваабаронца Вераніка Іванова:

– У нас аказаўся дэфіцыт подпісаў: у нас 122 сапраўдныя подпісы па адным дэпутаце і 129 – па другім. І мы дабіраем нехапаючыя подпісы для новай падачы. Я мяркую, што пад ціскам, бо масава адклікаюць. Наўпрост не кажуць, але людзі баяцца, што ім могуць не працягнуць кантракт. Людзі пад страхам, частка з іх адклікала свае подпісы.

Кампанію па адкліканні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пінскія прыхільнікі перамен пачалі напрыканцы жніўня. Штуршком стала ігнараванне так званых “народных абраннікаў” запрашэння грамадзян на адкрыты дыялог па сітуацыі ў краіне.

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск