У Пінску цягам трох дзён адбываліся ператрусы
Сілавікі праводзілі вобшукі ў грамадскіх актывістаў і журналістаў, некаторых дастаўлялі на допыт у міліцыю і КДБ. Паводле афіцыйнай версіі, такія захады робяцца ў межах нібы крымінальнай справы, дзе пінчукі праходзяць у якасці сведак.
Старшыня пінскіх сацыял-дэмакратаў Вераніка Іванова, да якой наведваліся з крымінальнага вышуку, адзначае, што сілавікі зацікавіліся нават тымі пінчукамі, якія не бралі актыўнага ўдзелу ў пратэстным руху:
– У ліку тых, да каго прыходзілі, ёсць людзі, якія нават не прыцягваліся па 23.34, не былі заўважаныя ў нейкай актыўнай пратэстнай дзейнасці. Яны не былі не ў ІЧУ, але яны праяўлялі нейкую актыўнасць у каментарыях, яны праяўлялі нейкую актыўнасць у напісанні артыкулаў. З таго, што назірала я, як гэта праводзілася ў мяне, то ў мяне склалася ўражанне, што шукаюць БЧБ-сімволіку, шукаюць паліграфічнае абсталяванне, шукаюць зброю і выбухоўку, якая нібыта можа быць.
Папярэдне вядома, што дзесяцярых пінчукоў дастаўлялі на допыт у міліцыю і трох у КДБ, але дакладнай колькасці няма, бо многія наўпрост не агалошваюць сваю сітуацыю з-за таго, што падпісалі адпаведныя паперы.
Беларускае Радыё Рацыя