У Пінску ў ДТЗ пацярпелі тры чалавекі
У Пінску на вуліцы Берасцейскай днём 16 студзеня ў ДТЗ атрымалі траўмы тры чалавекі.
Як паведамляе ДАІ УУС Берасцейскага аблвыканкама, на закругленні дарогі 26-гадовы вадзіцель аўтамабіля „Опель-Калібра” не справіўся з кіраваннем і выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе здзейсніў лабавое сутыкненне з грузавіком „Івека-Турба-Дэйлі”.
У аварыі траўмы рознай ступені цяжкасці атрымалі вадзіцель і 26-гадовы пасажыр „Опеля”, жыхары Пінска, а таксама вадзіцель „Івека” — 53-гадовы жыхар Гомельскай вобласці.
Усе шпіталізаваны ў Пінскую цэнтральную бальніцу.
Па паведамленні Берасцейскага абласнога ўпраўлення МНС, заблакаваных у выніку ДТЗ вадзіцеляў і пасажыра дасталі з аўтамабіляў ратавальнікі.
Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.
Устаноўлена, што аўтамабіліст, які знаходзіўся за рулём „Опеля”, 31 раз прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху, пазбаўлены правоў за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення.