У Пінску ўсе ўзяліся за выраб масак
У Пінску, каб пазбегнуць дэфіцыту масак і ахоўных касцюмаў, іх вытворчасцю займаюцца валанцёры, супрацоўнікі сацыяльных устаноў, швачныя прадпрыемствы ды нават самі медыкі.
Адміністратар аднаго з пінскіх швачных прадпрыемстваў Андрэй Якунец кажа, што ў апошні месяц маскі сталі таварам „нумар адзін”:
– Мы павялічылі вытворчасць масак, то бок у асноўным зараз прадпрыемствы займаюцца вытворчасцю масак. Іншыя замовы выконваюцца, але ў меншых аб’ёмах. У асноўным зараз ідзе вытворчасць фільтруючых масак для патрэбаў насельніцтва і арганізацый.
Масакі і ахоўныя касцюмы ў першую чаргу неабходныя медыкам. Па інфармацыі Пінскай цэнтральнай паліклінікі, на сённяшні дзень мясцовыя ўстановы аховы здароўя забяспечаны сродкамі асабістай абароны на месяц, але ўсё цалкам залежыць ад сітуацыі з пандэміяй.
Беларускае Радыё Рацыя