У Пінску ўшанавалі памяць ахвяраў Пінскага гета



У Пінску, з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту, адбыўся вечар памяці ў гонар забітых вязняў Пінскага гета. У кастрычніку-лістападзе 1942 года тут нацысты закатавалі звыш 20 тысячаў мясцовых жыхароў габрэйскага паходжання.

У ходзе мерапрыемства дэманстраваліся дакументальныя стужкі і ўспаміны пра тыя падзеі.

“Гэта напамін усім, як магчыма перакрочыць мяжу за якой губляецца чалавечнасць”, – адзначыў удзельнік мерапрыемства Мікалай Горын:

– Згадваць трэба яшчэ і таму, ёсць такое вядомае меркаванне, каб ніколі больш не паўтарылася. Але для гэтага трэба разумець, як гэта было ўладкавана ў тыя часы, як гэта было зроблена. Адных людзей звялі да ўзроўню прыніжэння і знішчэння. А другія сталі катамі. Гэта два асноўныя пытанні гэтай тэмы. Нельга гэтую тэму забываць, колькі бы гадоў не мінула. Таму што не закрылася яна з перамогай над нацызмам. Яна з намі ўвесь час. Гэта як пэўная мяжа, за якую чалавек не павінен заходзіць.

Перад мерапрыемствам прадстаўнікі габрэйскай грамады і грамадскасці Пінска наведалі мясціны расстрэлу вязняў Пінскага гета.

Беларускае Радыё Рацыя