У Пінску ўшанавалі памяць маракоў Пінскай рачной флатыліі



У Пінску ў гонар 96 угодкаў абвяшчэння Незалежнасці Польшчы ўшанавалі памяць маракоў Пінскай рачной флатыліі (1919-1939). Яна была ўтворана праз некалькі тыдняў пасля абвяшчэння незалежнасці ў Варшаве і ўжо ў пачатку 1919 года маракі з’явіліся ў горадзе над Пінай.

На гарадскіх старажытных могілках дагэтуль захаваліся рэшткі гарнізонных пахаванняў. Тут знайшлі спачын маракі, якія памерлі па месцы службы, а таксама загінулыя восенню 1939 года. Штогод прадстаўнікі польскай ды грамадскай супольнасці наведваюць пахаванні, запальваюць знічы, прыбіраюць магілы.

“Незалежная Польшча, рачная флатылія – гэта яскравая частка гісторыі Пінска,” – кажа краязнаўца Эдвард Злобін:

– Адметнасцю города і пінскай флатыліі была наяўнасць  гідрапланаў – судоў, якія маглі ўзлятаць у паветра з вады і станавіцца самалётам. А пасля з паветра садзіцца на ваду. Іхная база знаходзілася ў Пінску, нават дагэтуль захаваўся ангар. Зараз тут знаходзяцца памежныя войскі. І вялікая база гэтых гідрапланаў знаходзілася на возеры Гарадзішча. Для Пінска і ягоных гараджан было сапраўднай падзеяй акрамя ўрачыстых парадаў, удзел станістых, маладзецкіх маракоў у святочных набажэнствах.

На момант аб’яўлення незалежнасці Польшчы, палескія рэкі мелі стратэгічнае значэнне, як і сам край. Дзякуючы з’яўленню флатыліі пачаўся сацыяльна-эканамічны рост, стварэнне воднай інфраструктуры. Некаторыя пабудовы выкарыстоўваюцца і дагэтуль.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота afganinva.ru