У Пінску ўшанавалі памяць продкаў



Па 8-е лістапада маліцца за памерлых і наведваць могілкі заклікае каталіцкі касцёл на Беларусі. Гэта час, калі можна атрымаць поўны адпуст, ахвяраваўшы яго за памерлых.

У Пінску прадстаўнікі грамадскасці ўшанавалі памяць продкаў на старажытных гарадскіх могілках, – кажа ўдзельнік акцыі Ігар Салавей:

– Штогод на Дзяды на пінскіх старажытных могілках збіраюцца прадстаўнікі грамадскасці. Гэта не абавязкова вернікі, а тыя, хто хоча аддаць павагу асобам, якія знайшлі тут спачын. Тут пахаваныя знаныя грамадска-палітычныя, рэлігійныя і культурніцкія дзеячы. Знакавыя постаці не толькі для нашай гісторыі. Таксама жаўнеры і афіцеры.

Старажытным могілкам у Пінску – 200 гадоў. Тут знайшлі спачын прадстаўнікі знаных беларускіх радоў: Агінскія, Орды, Скірмунты. Таксама пахаваныя іншыя асобы, якія маюць значэнне для Беларусі, Польшчы ды Украіны.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя