У Пінску ўшанавалі памяць Яўгена Шатохіна
У горадзе над Пінай ушанавалі памяць знанага беларускага мастака, педагога і грамадскага дзеяча Яўгена Шатохіна (1947-2012). Мясцовыя грамадскія актывісты наведалі магілу творцы, каб ускласці кветкі ды запаліць знічы ў знак пашаны.
Калі Шатохін, як мастак, вядомы сваімі працамі і выставамі ў Польшчы, Украіне, Чэхіі, Францыі ды Злучаных Штатах Амерыкі, то для Пінска гэта яшчэ буйны грамадска-палітычны дзеяч. Менавіта ён арганізоўваў у горадзе над Пінай масавыя акцыі, ўзгадвае актывіст Ігар Салавей:
– Шмат рабілася палітычных мерапраемстваў. Штогод ладзіліся “Чарнобыльскі шлях”, Дзень Волі. Страта Шатохіна для Пінска – гэта завяршэнне палітычнай эпохі. Сябрамі і грамадскасцю выказваюцца прапановы пра наданне дзіцячай мастацкай школе, якую ён арганізаваў і ўзначальваў, імя Яўгена Сяргеевіча.
Пакуль тэма з наданнем імя Шатохіна гарадской дзіцячай мастацкай школе далей ініцыятывы не пайшла, бо мясцовыя ўлады лічаць, што павінна вытрымаць тэрмін у пяць год пасля смерці, а мінула тры.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота budzma.org