У Пінску ўзгадалі першага беларускага кардынала Казіміра Свёнтка
Мінула 4 гады, як не стала іерарха Беларускага каталіцкага касцёлу Казіміра Свёнтка (1914-2011). Дзякуючы ягоным намаганням хрысціянскае жыццё аднавілася не толькі ў Пінску, але і ва ўсёй Беларусі.
Памаліцца за іерарха заклікала духавенства касцёлу. У горадзе над Пінай да крыпты з труной кардынала ідуць не толькі каталікі, але ўсе ўдзячныя грамадзяне. Гісторыка і краязнаўцу Эдварда Злобіна гэта не здзіўляе, бо Свёнтак абараніў ад знішчэння шмат знакавых аб’ектаў:
– Ён сам мне расказваў дзесьці ў канцы 80-х гадоў пра тое, што з касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў 50-60-я гады хацелі зрабіць піваварны завод. Дзякуючы розным хітрыкам удалося таксама захаваць і каталіцкія могілкі, на іхным месцы планавалася збудаваць стадыён.
Краязнаўца дадае, што кожны бачыць ў першым беларускім кардынале сваё, але без сумневу, Свёнтак маральны аўтарытэт, бо прайшоўшы праз сталінскія лагеры і здзекі бальшавікоў, не адрокся рэлігійных перакананняў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bobruisk.ru