У Пінску ўзгадваюць польскага архітэктара Віктара Вілька
Імя нядяўна памерлага польскага архітэктара-рэстаўратара Віктара Вілька — знакавае для Пінска, – кажуць удзячныя жыхары горада над Пінай. Самаахвярная праца па рэстаўрацыі касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі – сімвала сённяшняга Пінску – увекавечыла памяць архітэктара.
Віктар Вільк і кардынал Казімір Свёнтэк зрабілі ўсё, каб захаваць старажытны выгляд пінскага касцёла, узгадвае Барбара Шыманская:
— Мы з Вількам амаль разам працавалі. Ён прыходзіў сюды, да яго, часта і яна разам штосьці там рабілі, разам абмяркоўвалі, што і як зрабіць. Я як узгадаю дык нават не верыцца, што ў касцёле дзе-нідзе былі расколіны — усё пазамазвалі. Усё зрабілі, як яно было раней: нешта прывозілі з Літвы, штосьці куплялі тут, а штосьці ў Польшчы, каб зрабіць дакладна так, як было.
Віктар Вільк турбаваўся ня толькі за пінскі кафедральны касцёл, адзначыў гісторык-краязнаўца Эдуард Злобін:
— Як пінчукі мы яго ніколі не забудзем у сувязі з тым вялізным фронтам працаў, якія ён правёў па рэстаўрацыі Пінскага кафедральнага касцёла, будынку духоўнай семінарыі. Ён сам дамаўляўся і прывозіў з Польшчы з рэстаўрацыйных фірмаў выдатнай якасці матэрыялы, калі йшла замена страхі, і вежы-сігнатуркі, і завяршэнне званіцы.
Паводле краязнаўцы, сваёй справай Віктар Вільк быў апантаны. У час рэстаўрацыі касцёла ў Воўчыне – Вільк за ўласныя сродкі набываў матэрыял 19-га стагоддзя, каб максімальна выключыць новабудоўлю. Польскі архітэктар памёр 20-га лютага. Яму было 65 гадоў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск