У Пінску ўзмацняецца ціск на Вераніку Іванову
Адным са спікераў пінскіх прыхільнікаў перамен зацікавіўся Дэпартамент фінансавых раследаванняў. У кватэры Івановай адбыўся вобшук і канфіскаваныя некаторыя рэчы.
Кажа актывістка:
– Па месцы майго жыхарства прыбылі супрацоўнікі міліцыі, правялі ў мяне вобшук, забралі ў мяне дакументацыю па гаспадарчай дзейнасці, забралі мой асабісты тэлефон з сім-картай і забралі жорсткі дыск з камп’ютара майго сына.
Мне было сказана, што паступіў у іх адрас зварот нейкага невядома грамадзяніна, які заявіў, што я вяду гаспадарчую дзейнасці і не сплачваю падаткі. І на падставе гэтага яны ўзбудзілі крымінальную справу.
Вераніку Іванову ўжо двойчы каралі штрафам па 20 базавых за ўдзел у акцыях пратэсту. Яе сын Кірыл быў пакараны 10-ці суткавым арыштам і 15-цю базавымі штрафу, а няпоўнагадовымі дзецьмі Івановай пачынаюць цікавіцца органы апекі.
Беларускае Радыё Рацыя