У Пінску выклікаюць у міліцыю ўдзельнікаў акцыі супраць інтэграцыі



У Пінску пачалі выклікаць у міліцыю ўдзельнікаў акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй. Нагадаем, што ў горадзе над Пінай увечары 20 снежня каля 10 чалавек сабраліся ў гістарычным цэнтры, каля помніка «Палешуку». Яны разгарнулі два плакаты з лозунгамі: «Годзе гандляваць краінай! Не інтэграцыі» ды «Інтэграцыя = Акупацыя!».

Цяпер, па папярэдняй інфармацыі, чацвёра ўдзельнікаў акцыі атрымалі позвы.

Сярод іх Таццяна Кебікава, якая і размясціла на старонцы ў Facebook позву ў Пінскі ГАУС з подпісам: «Замест падзякі, атрымала пазоў у міліцыю за абарону НЕЗАЛЕЖНАСЦІ. Вось такая ў нас дзіўная дзяржава».

Таццяна дадала, што пойдзе на размову, бо хоча патлумачыць хто ў першую чаргу павінен бараніць дзяржаву. Вядома, што позву атрымаў і пісьменнік Павел Ляхновіч, які, дарэчы, на акцыі не прысутнічаў.

Беларускае Радыё Рацыя