У Пінску заклікаюць стэрылізаваць жывёл
Заклікі з прапановай правесці стэрылізацыю хатніх жывёл з’явіліся ў пінскіх гарадскіх аўтобусах. Абвесткі змешчаны на рэкламных плакатах. Уладальнікам сабак ды котак тэзісна тлумачыцца, чаму неабходна пайсці на такі крок.
Па словах сябра праўлення Пінскага добрахвотнага аб’яднання “Абарона жывёл” Алены Рамановіч ні прыют, ні самаахвярная дзейнасць валанцёраў, не могуць вырашыць праблемы карэнным чынам. Грамадзяне разумеюць неабходнасць стэрылізацыі сутыкнуўшыся з сітуацыяй:
– Знаходзяцца людзі, якія працягваюць пладзіць, што называецца, сваіх жа жывёлаў. Даводзілася стаяць на рынку з кацянятамі, колькасць кацянят па суботах і нядзелях проста вялізная, кацяняты не аддаюцца, аддаюцца вельмі павольна. Канкрэтны выпадак, калі жанчына з дачкой хадзілі, у іх было шэсць кацянят, іх аддавалі больш за месяц напэўна. Гэта былі першыя роды ў кошкі, яны вырашылі дазволіць котцы нарадзіць і пасля яны вельмі хутка яе стэрылізавалі – гэта навука.
Чалавечы фактар з’яўляецца галоўнай прычынай росту папуляцыі бяздомных жывёл, і нават стварэнне некалькіх адмысловых прытулкаў не выправіць сітуацыі, адзначаюць валанцёры.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя