У Пінску запрацавалі тры цэнтры па пытаннях вірусных інфекцый
У Пінску, каб зменшыць наведванне грамадзянамі ўстаноў аховы здароўя, запрацавалі тры цэнтры па пытаннях вірусных інфекцый. Тэлефонныя кансультацыі ажыццяўляюцца адмыслоўцамі двух пінскіх паліклінік, а таксама станцыі хуткай медыцынскай дапамогі.
“Даем максімальна разгорнутую інфармацыю”, – адзначае супрацоўніца Цэнтральнай паліклінікі Вольга Чыжэўская:
– Грамадзяне нашага горада звяртаюцца да нас і даюць усю інфармацыю. Мы ім тлумачым, калі з’явіліся скаргі ў тых пацыентаў, якія захварэлі, ці з’яўляюцца кантактнымі, ці якія знаходзяцца на самаізаляцыі, куды звяртацца. Адказваем на пытанні, як праходзіць каранцін і як аформіць бальнічныя лісткі.
У Пінску складаная сітуацыя з каронавірусам. Так у верасні для пацыентаў з COVID-19 у гарадской лякарні было адведзена каля 450 ложкаў. У кастрычніку задзейнічалі рэзерв – інфекцыйную лякарню, што ў вёсцы Малоткавічы Пінскага раёна, а на мінулым тыдні перапрафілявалі гінекалагічны корпус Пінскага міжраённага радзільнага дома.
Беларускае Радыё Рацыя