У Пінску затрымалі праваабаронцу Вераніку Іванову
Верагодна, што ў ізалятары часовага ўтрымання яна прабудзе да суда, які адбудзецца толькі ў панядзелак, 26 кастрычніка.
Напярэдадні Іванову і яе паплечніка Анатоля Ваткевіча ў якасці сведкаў па адміністрацыйнай справе выклікалі ў міліцыю. Гутарыў з актывістамі намеснік начальніка ГАУСа Міхаіл Заранка.
Па словах Ваткевіча, падпалкоўнік паведаміў, што 25-га кастрычніка не дапусціць у Пінску ніякіх правакацый:
– Мы ў нейкай ступені паважаем вашае меркаванне, але “прэсаваць” будзем далей. Ну і што гэта за размовы? Гэта было хвілін 10. Я яму сказаў: “Вы што мне пагражаеце?” Хочаце “закрыць”, дык “закрывайце” цяпер. У вас ёсць падставы? Няма падставаў.
Не, я вас хачу запэўніць, што я не дазволю паўтарыцца падзеям, якія адбыліся 9-10 у Пінску. Я буду абараняць грамадзян.
Я яму ў адказ – мы таксама абараняем грамадзян. І я гарантую, што ў нас няма людзей з “заточкамі”, як ён казаў.
Ад моманту паслявыбарчых пратэстаў Вераніку Іванову ўжо тройчы судзілі за ўдзел у акцыях. Агульная сума штрафаў складае 1890 рублёў. Раней у ізалятар яе не змяшчалі, бо мае непаўнагадовых дзяцей. Цяпер гэтую сітуацыю могуць выкарыстаць, каб нейкім чынам абмежаваць яе ў мацярынскіх правах.
Беларускае Радыё Рацыя